|
Сяржук Сцяпанаў КДС "РАЗАМ" - PET NIHIL
Сярод новых гарадзенскіх гуртоў, безумоўна, на найбольшую ўвагу заслугоўвае PET NIHIL. У дадзеным выпадку мы маем дачыненні з класічным наборам таго, што ўжо пасьпелі назваць „гарадзенскай хваляй". Жорсткая хард-кор\панк музыка і не менш жорсткія тэксты. Але гурт, не гледзячы на гэта, мае свой твар і не губляецца ў плеядзе радыкальнага гарадзенскага рока. Гэта не чарговая копія заходняга прадукта з натужнымі заявамі пра анархію і палітычна каррэктнымі тэкстамі. Першае, што прыходзіць у галаву пасьля знаёмства з PET NIHIL гэта тутэйшасць… Калі нехта ўявіў сабе нейкія вышываныя рубашкі, таныя эксперыменты з псеўдафолкам, прафесійны патрыятызм, скрыпкі, дудкі і адвечныя стогны пра цяжкі лёс беларускай мовы, то ён моцна памыліўся. Проста PET NIHIL жыве ў сёняшняй Беларусі (магчыма гэта гучыць неяк дзіўна, бо здаецца і Лепрыконсы не ў Італіі нарадзіліся), і праблемы, якія атачаюць музыкаў, выклікаюць рэакцыю, якая ўвасабляецца не, як гэта правільна заўважыў Стас, „чарговую размову за чарговай бутэлькай", а ў словы-тэксты і аккорды-музыку. Перад намі - рэальная спроба стварыць беларускую вулічную культуру. Культуру, якая б не аддавала інтылігентнасцю і акадэмічнасцю мінскай рок-тусоўкі. Тут ёсць ўсё, з чым ты сутыкаешся на тэррыторыі роднага горада. Мова, на якой размаўляюць на вуліцы, словы, якія выкарыстоўваюцца на вуліцы, праблемы, якія закранаюцца тых, хто „ходзіць па рэльсам штодзённасці"… Мянты, шэрая штодзённсць, фашысты, спроба супрацьпаставіць сябе ціску навакольнага асяродзя. Адначасова няма прэтэнзіяў на ўсеведанне, няма маралізатарства, няма нейкай евангеліцкай самаўпэўненасці - мы такія цудоўныя і добрыя, а навакольны свет такі дрэнны. Няма характэрнага для пераважнай большасці андэграўндных гуртоў сэктанства і спробы схавацца ў падвал. Гэтыя асаблівасці часам выклікаюць нараканні „прафесуры ад андэграўнда". Але гурт гэта абсалютна не турбуе. „Собака лает - караван идёт".
Гурт з'явіўся нядаўна - на самым пачатку 2000 года. Калі дакладней, дык яшчэ раней, але хлопцы прынялі менавіта гэту дату. Маўляў размовы за півам гэта адно, а сапраўдныя інструменты і сапраўдныя рэпетыцыі - гэта іншае. Першае, з чым ты сутыкаешся, калі пачынаеш спрабаваць сябе ў музыцы, гэта праблемы… Дзе і на чым граць, дзе запісацца, дзе выступіць… Колькі гуртоў і музычных праектаў знікла, яшчэ не паспеўшы нарадзіцца, з-за непераадольных, здавалася б, праблемаў. Але толькі не PET NIHIL. Тут сапраўды ўсё выглядала вельмі проста. Трэба гітара, значыць трэба знайсці працу і зарабіць грошы, а не піць піва і скардзіцца, "як ўсё задзяўбала". Дэбют (якое дурнаватае слова) адбыўся 30 сакавіка 2001 года. Легендарны „ Shіt Sound Shock Club" і шэраг канцэртаў пад агульнай назвай "Трахнем фашизм"… Варта патлумачыць, што адбываліся гэтыя канцэрты ў звыклым гаражы. На падобныя акцыі прыходзіла ад 20 да 250 чалавек. Зразумела, што такая актыўнасць, асабліва на пярэданні "грандиозного шухера" (прэзідэнцкіх выбараў), не магла не патрапіць у поле зроку адпаведных структураў. Карацей, адбылося тое, чаго можна было спадзявацца. Мянты, АМАП і КДБ… Выкліканне ў дэканат, пагрозы адлічыць з універа і г.д. і т.п. І пад час усёй гэтай вакханаліі гурт запісвае свой першы альбом "TANATOS". З перспектывы часу бачна, што не ўсё атрымалася так, як хацелася б. Першае сутыкненне з студыяй, першая спроба зрабіць "адпааведны гук", нероўны матэр'ял… Але негледзячы на гэта, слухаецца альбом з сапраўднай асалодай. Далей - візіт у Мінск і ўдзел ў фэсце "Моладзь супраць расавых забабонаў". Гарадзенскія гурты выступілі там цэлай "абоймай", падкрэсліўшы, што "гарадзенская хваля" - гэта не чарговая байка стомленых сталічных журналістаў, а самая сапраўдная музычная з'ява. Потым зноў Мінск і ўдзел у скандальным адборачным туру "Басовішча 2001". БМА і БАС традыцыйна вырашылі пагуляцца ў дэмакратыю. Раздалі журналістам анкеты. Нібыта галасуйце, а мы толькі падлічым галасы… Дзядуля Сталін меў рацыю, калі казаў, якая розніца хто і як галасуе, галоўнае - як будуць лічыць. Так было і на гэты раз. Аказалася, што без адпаведных знаёмстваў шляху на "Басовішча" няма. Але і гэта хлопцы ўспрынялі без істэрыкі і праведнага гневу. Словам не - дык не. Быў яшчэ канцэрт ў "Клетцы", адкрыццё афіцыйнай Інтэрнэт-старонкі... Вось здаецца ўсё. Цяпер гурт, як і пераважная большасць гарадзенскіх камандаў, не мае пастаяннага мейсца рэпетыцый і неяк існуе ў складаных умовах беларускага андэграўнду, рыхтуючы па крупіцам чарговую праграму . Цікава, што склад гурта яшчэ ніколі не змяняўся. Ад самага пачатку PET NIHIL - гэта Карась, Бурік і Каспер.
Спадзяюся, што працяг будзе!
Сяржук Сцяпанаў
КДС "РАЗАМ"
Copyright by Pet Nihil
|
|